| |
Працавала рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”, карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”, літкансультантам газеты “Чырвоная змена” рэдагавала часопісы “Алеся”, “Маладосць”.
У друку выступае з 1960 г.
Аўтар зборнікаў паэзіі “Рамонкавы бераг” (1974), “Слухаю сэрца” (1978), “Такое кароткае лета” (1981), “Адгукнуся голасам жалейкі” (1984), “Каханне” (1987), “Пад небам першага спаткання” (1990), “Люстэрка для самотнай” (1992) і інш.
Напісала аповесць “Кватарантка” (1980). Выйшлі кнігі казак і апавяданняў для дзяцей “Галенчыны “Я”, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў” (1990), “Дзве аповесці пра міжпланетнага пажарніка і казка пра жабяня Квыш-Квыш” (1996), цыкл фантастычных гісторый “З казак старога астранаўта” і інш., з’яўляецца аўтарам драматычнай паэмы “Барбара Радзівіл” (1992), п’ес “Цётка Малання з Асаўца” (1984); “Пятля часу” (1996). Перакладае з рускай, украінскай і польскай моў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя. А.Куляшова за кнігу лірыкі “Каханне”, Дзяржаўнай прэміі Беларусі за зборнік паэзіі “Люстэрка для самотнай”.
У 1965 годзе сям’я паэтэсы пераехала на радзіму бацькі, у вёску Цяхцін. |
| |
***
Нават таленту не збярог,
а ўсё выхваляўся нечым…
Як след развітацца не змог,
бы знік у Сярэднявеччы. Спакой старажытных цаглін.
Лісце ля іх, што піястры,
і ён там малюе махрыстыя
астры,
што быць мне букетам
калісьці маглі.
***
Калісьці мучыўся, сачыў…
У чаратах трымцела лодка.
Сінелі доўга касачы
дымкамі мая на ўзбалотках.
Хваліўся лепшаю з удач,
а дараваць драбніц
не ўмееш,
дык для чаго тады касач
пяшчотна ўдалечы сінее?
***
Не быў ты ва Фларэнцыі
няблізкай,
не вандраваў па тым
шыкоўным месцы,
чаго ж мяне раўняеш
з адаліскай
на старажытнай
фларэнтыйскай фрэсцы.
Стагоддзі тояць розныя
абліччы,
па іх блукаюць жабракі і
франты,
і ты ўва мне не бачыш
Беатрычэ
толькі таму, што сам, на жаль,
Не Дантэ.
***
Падобна, за акном падрос
вішняк
ад тостаў за Еўропу і за Азію,
мы п’ём віно, здаецца нам-
мальвазію,
і хочацца мне танчыць
кракавяк. Касцёл Мар’яцкі неба
адамкне,
на ўзвышшы Вавель
высветліцца ў бліках.
Бывай! – не ты, а “Яма Міхаліка”,
ідзі на ўсход і знойдзеш там
мяне.
***
Жалейка, скрыпка і бубнач,
ад гукаў млосных звяла
астра.
У каляндарыку пазнач:
Дзень пасля Спаса.
Старэ Място.
Яшчэ нічога не шкада
і нас не помніць брук
памыты,
а ты руку сваю падаў,
бы разам век увесь пражыты.
***
Цябе шукаць між сытых
скнар,
Што ў пустазеллі клумбу
цыній.
Адзін махляр, другі
ліхвяр,
а трэцці проста
злосны цынік.
Пастаў іх у адзіны
рад
і незайздросны
ўбачыш шэраг,
які мундзір, такі й
парад-
бязглузды, ваяўнічы,
шэры!
***
О, як жа мы ўмелі пры добрай
нагодзе
(бы кадр рамантычны
ў любоўным кіно)
на ноч пераблытваць часы і
і стагоддзі,
у дзверы – няможна, ішоў
праз акно… І стрэлкі гадзіны лічылі
няўзнак,
і дэтэктыў недачытаны падаў,
і муж за сцяною думаў -
скразняк! –
хвілінны парыў лістапада.
***
Вы так спакусна падмігнулі,
што досыць – аніякіх спраў!
Гулівы месяц свае гулі
ў аблоках лёгкіх распачаў.
Ужо займаецца дзянніца.
У крэсле змяты сарафан.
І як жа мне салодка сніцца
галавакружны ваш падман.
***
Руку падасць абы-абы…
Я ж адзначаю падсвядома:
яму так хочацца пабыць,
на мове свецкай, сябрам
дома.
Няцяжка зразумець яго –
нядаўняга ўлюбёнца Ліры,
што не ўсвядоміць аднаго:
мяняюцца не людзі, а куміры.
***
У думцы ранняга змяркання
збягае сцежка крута ўніз…
Ты ўзвёў спатканні
да кахання,
а гэта проста мой капрыз.
З крыштальным туфлікам
не ходзяць,
дзе заглынула ўсё дрыгва,
дзе замест мроіва-
куродым,
гадзючнік з жабчыным
“ква-ква”.
***
Каб не ўкруціцца ў нейкі
зман,
і ад сурокаў, і ад звягаў
далёкіх інкаў талісман
купіла для сябе ў Чыкага.
Цвіце ў ярах трава-дурман,
світанне ўспуджваюць
вароны.
Самотна як! І талісман
той ад нічога не бароніць.
***
Калішні танец падэграс.
Мы для яго як манекены.
Не тое ўбранне, не той час,
і, зразумела, нашы сцены.
На падаконніку – альянс.
Ёсць у пакоі нехта лішні.
Гучаў так доўга падэграс.
што й ты міжволі стаў…
калішнім!
***
Так радасна, лёгка ніколі
не падала грыўка на лоб,
мы нейкія дзіўныя ролі
ігралі паўлета ўзахлёб.
З наіўнасці ўскружанай нашай
смяяліся ўночы гудкі.
Растаўлены крэслы…
і шашаль…
І бляклай афішкі шматкі.
***
Пад адхонам фіялкі цвілі
і глыбелі стрыжыныя норы,
мы не згледзелі нават, калі
на цягнік пераскочылі скоры.
І, знікалі за ўзмахам рукі
тыя лёгкасць і пал
дыхання,
пакідаючы нам радкі
аповесцямі пра
каханне.
***
Тут водар укропнай грады
і шпак малады на штыхеце,
і флёксы цвітуць, як тады,
а след твой згубіўся у тым
леце…
Не помню ні слоў, ні сказаў
з той – на ўсю ноч –
сустрэчы,
але больш аніводнага разу
не клялася ў нечым вечным.
***
Гэты пакойчык анёл нам
распіша
фарбамі нейкага яснага
дня…
Ты чуеш, якая нябесная ціша,
якая,нязнаная людству,
плыве цішыня.
І мы забываем пра тлум і
знямогу
ў палоне дасюль невядомага
нам пачуцця,
нібы дзень высока
расказваем Богу
урыўкі з яшчэ недапісанай
кнігі Быцця.
***
Не крычы, не буркай,
ты не леў,
рукі пакладу табе на плечы,
будзе заўтра справа наша
блеф,
а цяпер, як кажуць, шчэ
не вечар.
З маладосцю ўжо не сваякі,
толькі водсвет ловіш
мой дзявочы,
ды шукае на падушцы ўночы
мой румянец жар тваёй
шчакі.
***
Не ведаю, чый ты каханак,
і чуць не хачу пра гэта,
бо ўжо здагадаўся ранак,
што я цябе выкрала з лета.
Вось толькі сам чамусьці
ніяк здагадацца не хочаш,
чаму перасмяглі вусны
і шчасліва смяюцца вочы.
***
Жаданне хуценька ляжа ў
рэестры,
дзе хлеб і да хлеба і мноства
выгод,
вясёлыя песні, і тосты, і фэсты
закручаны ў нейкі дурны
карагод.
Над вуллямі пчолы заўзята
раяцца.
Расквечана поле, бо лета
якраз.
І гэткія ж сны маляўнічыя
сняцца,
а лепшыя кветкі цвітуць
не для нас.
***
Важкіх апраўдванняў рой,
званкі тэлефонныя ўпотай…
Я ўсё разумею, толькі
не строй.
Хоць зараз з сябе ідыёта.
Пчолы гудуць кішма,
радыя летняму раю…
Я і сама не тваё імя
ў снах сваіх паўтараю.
***
У жмінды не возьмеш і
змылка,
а ў шчодрага – дзіркі ва ўсім.
Пагодзімся, выйшла
памылка,
у часе не нашым стаім.
Ды кліча нас вулкі развілка
у вечнае лета без зім…
І помняцца мне тыя пахкія
флёксы
на вуліцы Фоксаль, на вуліцы
Фоксаль.
***
Пяшчоты не шкадуеш на
падпітку.
Язмін цвіце. Дурман і слоў, і
паху.
І яр п’янкі, казыча былка
лытку.
Якое свята нам наладзіў
Бахус!
А раніцай бы вывеў нас з
турмы.
Затушаваў паўсюль вясёлы
колер.
Нібы яму вядома ўжо, што мы
сюды не завітаем больш
ніколі.
***
Наўкол даволі пекнаты,
патроху сцішваю жаданні.
Трапечуць свечкі ўсе ў
чаканні,
і вось нарэшце радасць – ты!
А вось сцякае на абрус,
і пацяжэлі раптам плечы.
Мне даспадобы, што ты хлус:
Так… лазня… У калядны
вечар.
***
Не ведаю я, кім ты
спапялёны,
якая крыўда выпекла да дна.
Жанчыны бы нямірныя
плямёны,
калі між іх не знойдзена адна.
І я таксама, ведаю, не тая,
што зможа свет перавярнуць
наноў,
ды не было ў мяне такога
мая…
Даруй. Пакуль. Вяртаюся
дамоў.
***
Аздобваем натхнёна сцены,
страсаючы гадоў дурман.
О, мы героі дзіўнай сцэны.
уся дэкарацыя – падман.
Але яе не разбураю,
бо толькі дробязь розніць
нас:
я ўсё трагедыю іграю,
а ты – забаўны нейкі фарс.
***
З травы падміргваюць
анюткі,
штось блытана даводзіш
мне.
Ах, Божа мой, лісток танюткі,
бы шлеечка ад камбінэ.
Так, засяроджвацца не варта,
ці ж мала для размовы тэм,
а шлеечка – лісток упарта
заве ў анюткавы эдэм.
***
На выхадзе пагаварылі
крышку…
Прыбраны стол. Адбалявалі.
Годзе.
Стаяць, бы й не краналі іх,
кілішкі,
на шчасце не разбіўся з іх
ніводзін.
Хітрынкамі згасае свята ў
зрэнках,
паціху саступае месца жалю,
але як зяе ўся мая сукенка,
ёй дастаткова, што была на
балю.
|