| |
“Радзіме”
Ты – той разлог
і тое неба,
Куды лячу, куды іду.
Ты той ручнік,
той бохан хлеба,
Што кожны дзень на стол кладу.
Ты – тая
гонкая бярозка,
Што стала песняй
і святлом.
Ты – тое поле,
што за вескай
Ільном у сэрцы зацвіло.
Ты – тая музыка,
якою
Звініць ручай
і гром грыміць…
Тваю бяду
з маёй бядою
І радасць нашу –
не размыць.
З тваіх крыніц
натхненне п’ю,
Тваім і голасам спяваю
Я песню шчырую маю.
***
З якіх жа фарбаў
Гэта мова,
Што маці ў спадчыну дала?
Нясу ў душы,
Нібы замову,
Прамень дзіцячага святла.
Нясу,
Каб сэрцам прычасціцца
Каля бацькоўскага жытла.
Я без яго б
Не змог забыцца
На ўсё,
Што крыўда апякла.
***
Край прыдруцкі – сэрцу блізкі,
Песня лепшая мая…
Вербы схіленыя нізка
Над вясёлкай ручая.
Тут мяне хвалююць зоркі,
Казкі дзіўныя лясоў,
Памяркоўная гаворка
І напеўнасць каласоў.
Дарагія сэрцу словы –
Аж з сівых глыбінь вякоў,
Звонкі ранак жаўруковы,
Задуменнасць вечароў.
…Не прылашчылі ні горы,
Ані морскіх хваляў шум…
Спеў бярозкі белакорай
Поўніць радасцю душу.
Майстар
Каштарысы…
Чарцяжы…
Паперы…
Поўна важкіх думак галава:
Трэба ўсё і ўзважыць, і праверыць,
Каб наступны дзень запланаваць.
Позні вечар цішынёй разліўся
І за майстра ў клопатах прысеў.
Колькі вечароў ён у разліках
Так правеў і сноў недаглядзеў.
І характар гуртаваў у працы,
Ідучы праз полымя завей.
Жыта
Буйны колас да коласа.
Увайду –
з галавой…
Пахне ядраным золакам,
Цеплынёй
Аржаной.
Увайду,
нібы ў хату –
З гулкіх пыльных дарог,
І на сэрцы –
як свята:
Ні разлук, ні трывог.
Толькі пахі і гукі,
Толькі
сонца ў вачах.
Быццам матчыны рукі,
Каласы
На палячах…
Увайду –
і не выйсці,
І сцяжынак няма…
Заблудзілася ў жыце,
Пэўна,
Доля сама.
***
Мы хаты новыя зрубілі,
І вокны насцеж – хай святлей!..
Мы адчувалі дужасць крылля,
І спела гэтулькі надзей!
Прайшлі гады па нашых сэрцах,
Нібы маланкі – на дубах…
Слязу пякучую не сцерці,
Боль не заціснуць у зубах:
Упаў у баразну араты –
І тронкі выслізнулі з рук,
Ды ў гоні кінуты зярняты –
Кусціцца яравая рунь.
Дзецям
З вамі –
тлумна,
Без вас –
адзінока,
Мае краскі,
Званочкі мае.
У расстанні
На сцежках далекіх
Як мне вас,
Дарагіх,
не стае!
Вашы крылы
Яшчэ не акрэплі,
Каб узняцца
За марай сваёй…
Хай жа вас
Не палохаюць ветры –
Набірайцеся
Сілы зямной!
Як і жыта
У полі красуе,
Як і краска
У лузе цвіце,
Вашы крокі
І голас ваш чую
Я на кожнай
Жыццёвай вярсце. |