

 |
Беларускі пісьменнік, журналіст, краязнаўца.
Нарадзіўся 14 лістапада 1959 года ў весцы Болін Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці.
У 1975 годзе скончыў Наваельненскую сярэднюю школу.
У 1978 годзе – Барысаўскае ПТВ №62 будаўнікоў.
У 1985 годзе – філфак БДУ.
У 1999 годзе праходзіў стажыроўку ў ўрапейскім інстытуце журналістык ў Лінчэпінгу (Швецыя).
Працаваў на новабудоўлях гарадоў Маладзечна і Мінска, карэспандэнтам рэдакцыі Чэрыкаўскай раённай газеты.
Працаваў намеснікам рэдактара бялыніцкай раённай газеты “Зара над Друццю”, рэдактарам (з 2009 года), а потым галоўным рэдактарам (з 2019 года).
Жыў у Бялынічах.
Памёр 14 красавіка 2021 года.
Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў (1987–2006) ГА “Бялыніцкае краязнаўчае таварыства”, грамадскай ініцыятывы “Асацыяцыя краязнаўцаў малых мястэчак Магілёўшчыны” (2005)
Лаўрэат спецыяльнай прэміі Бялыніцкага райвыканкама імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, прэміі Магілеўскага аблвыканкама “Чалавек года-2010”, узнагароджаны ганаровым знакам “Выдатнік друку Беларусі”.
У друку выступае з 1980 г.
Першыя творы змясціў на старонках Краснапольскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”, у газетах “Беларускі універсітэт”, “Чырвоая змена”, часопісах “Маладосць”, “Падарожнік”, і іншых перыядычных выданнях Беларусі.
Аўтар п’ес: “Канвеер” (пастаўлена ў 1995 г.; тэатральная студыя “Валянцін” Магілёўскага гарадскога цэнтру адпачынку і вольнага часу; рэжысёр Валянцін Ермаловіч), “Першы пацалунак” (1998, там жа), “На парозе блакітнай вясны” (1998, там жа), “…І ёй захацелася жыць…” (1998, там жа), “Дачка волі” (2001, там жа), “Дождж для дваіх” і іншых; прыпавесці “Перуноў Дуб з Крывяліцкага бору”, апавяданняў і нарысаў, гумарэсак, прыкладам, “Апошні стрэл Забалоцкага”, «Дэзерцір”, “Круг маны”, “Па той бок Балтыкі”, “Аб чым шуміць кавыль — трава?…”, “На скрыжаванні болю і надзеі”, іншых публіцыстычных, краязнаўчых артыкулаў.
Выдаў зборнік п’ес “Дачка волі” ("Бібліятэчка часопіса «Маладосць”, 2001), краязнаўчых нарысаў “Галоўчын” («Пейто”, Мінск, 2001), кнігу “Вочы гісторыі” (Магілёў, 2002), з’яўляецца складальнікам і рэдактарам кнігі “Гукі мінуўшчыны”, адным з аўтараў паэтычнага зборніка сяброў літаратурнага аб’яднання “Узлёт” Белдзяржуніверсітэта “Вусны” (“Юнацтва”, Мінск, 1986).
|
| |
АЎЛАСАЎНА
(урывак з аповесці “Перуноў Дуб з Крывяліцкага бору”)
У падбеленым блакіце восеньскага неба высока над кронай Дуб пачуў парывіста-размераны шоргат пругіх крылаў, бы церлася пад ветрам дрэва аб дрэва. Ен здагадаўся: засведчыць ягонае скананне прыляцеў даўні незычліўца крумкач-карачун. Той і сапраўды абнадзеяна кружляў у бязвоблачным небе.
Прымружыўшы падслепаватыя вочы, карачун з ярасцю шукаў жолуд-нашчадак, старанна выглядаючы яго ў густой лістоце.
Як ён, пакрыўджаны, чакаў гэтае хвіліны! Колькі разоў, дрэмлючы ў сваім смярдзючым гняздзе, намагаўся ўявіць сабе, як зацісне ў кіпцюрах той самы вялікі, самы важкі жолуд, як крывой дзюбай, раструшчыўшы шкарлупіну, увап’ецца ў хмельна- салодкі парастак. І зараз, прадчуваючы блізкую ўдачу, карачун радасна пакрэктваў, грэючыся марай, якая хутка стане рэальнасцю.
На гэты раз ен не ўпусціць свій шанец, нішто не зможа яму перашкодзіць: тым людзям, якія завіхаліся з пілой унізе, патрэбен камель, ствол, тоўстыя сукі. Яму ж, карачуну, - усяго толькі адзін-адзінюсенькі жолуд… І больш - анічога.
Салодкі крумкачоў роздум перапыніў роспачны крык. Карачун нехаця, праз
Сілу зыркнуў на галявіну і згледзеў жанчыну, а паводдаль ад яе – двух хлапчукоў.
Квяцістая хустка, якая пакрывала сівую галаву кабеты, збілася на шыю і матлялася, як параненае крыло падстрэленай птушкі.
Сэрца карачуна зашчымела, заторгалася ў трывозе. Яго агарнула прадчуванне блізкай, незваротнай страты.
– Навалачы! – крычала жанчына. – Пустадомкі! Каб вам рукі паадсыхалі…
– Стаяць!- заверашчэў пільшчык. – Січас рухнет жа ведзь.
Жанчына на хвіліну прапынілася, паправіла хустку. Адправіла падалей дзяцей, а сама пакрочыла да мужчын. Пайшла да Перуновага Дуба.
Пільшчыкі заглушылі рухавік раскірэкі і, з асцярогаю пазіраючы на жанчыну, нахабна залыбіліся.
– Прахіндзеі, чым ен вам замінаў? Табе шкоды нарабіў? – бабуля пальцам ткнула ў грудзі старэйшаму гаспадару пілы. – А, можа, Цімоха, табе чым нашкодзіў? – перавяла пагляд выцвіла- строгіх вачэй на ягонага напарніка.
– Так, ета самае, Аўласаўна, - загаварыў пільшчык, - ему ж усё раўно – капцы. Не жылец. Адзін “ЭС” не пасіліў, двое наваляцца. Выкарчуют… А здзеся, ета самае, поле будзет… Культурнае пасцьбішча называецца. І ты каравёнку сваю на ім яшчэ папасеш…
–Тырчыць тут, - паддакнуў пільшчыку напарнік, - як бяльмо на воку.
– Самі вы – бельмі, - жанчына падыйшла да Дуба, спрацаванай, агрубелай ад мазалёў даланёю пагладзіла цёплы, шурпаты камель смяротна параненага Дрэва. – Колькім людзям дапамог!
– Уйдзі ад граху, Аўласаўна! – падскочыў да жанчыны пільшчык. – Задавянам атвячаць. Калі надумалася паміраць – бяжы дахаты. Там і прадстаўляйся Божаньку.
Аўласаўна рашуча адпіхнула пільшчыка.
– Людзям дапамагаў і прычакаўся ад іх падзякі. Эх,вы! – яна працяла абодвух пякуча вострым позіркам светла-блакітных, як цяперашняе неба, вачэй. Цяжка ўздыхнула: - Памяць сваю, сумленне, якое атрымалі з нараджэннем,парастрэслі па ўсяму свету беламу… А гадзіць прыблудзіліся дамоў.
– Ты, ета самае, баба, за аскарбленне віціранаў ударных камсамольскіх строек, знаеш, куды можаш угадзіць! – агрызнуўся пільшчык. – Луччы прыкусі язык. Ці бяжы да дому… Раскіпелася! Дуба ёй, відзіця, жалка стала.
– Ды мы, знаеш, - з нейкай лагодай у голасе азваўся другі, - колькі іх пазавалілі! І ў Прыбалцікі, і ў Сібіры, і на Камчаткі… Тысячы!
– Паскуднік, - строга асекла нахабніка жанчына, - чым выхваляешся? Перуноў Дуб бацьку твайму, калі пачала сохнуць рука, дапамог.
– Брэдні ўсё ета, - выплюнуў сабе пад ногінедапалак пільшчык. – Сказкі для такіх вот, как ані,- ён кіўнуў на дзяцей, якія стаялі воддаль. – Да і то, знаеш, мой не паверыт.
– Атайдзіця вы… Абое, - папрасіў напарнік пільшчыка. – Слыш, крахціць как…
– Стогне . як чалавек перад смерцю, - ціхім голасам прамовіла старая.
– Скажаш жа Аўласаўна, - абазваўся напарнік пільшчыка. - Дзеравіну з чалавекам параўняла! Чыстая юмарыстка…
Цяпер Перуноў Дуб трымаўся толькі на тонкай палосцы сэрцавіны, чакаючы з апошніх сіл, калі адыдуць на бяспечную адлегласць жанчына і дзеці. Трымала яго яшчэ і радасць – у самыя апошнія хвіліны свайго жыцця ён знайшоў-такі свой жолуд-нашчадак, паспеў наталіць яго сілай і абудзіў да жыцця парастак.
– Прабач, святы Дубе, - усхліпнула Аўласаўна і адвесіла Дрэву зямны паклон. – Прабач, бо не ведаюць самі, што робяць. Жанчына стомлена, не азіраючыся нават, няспешна патупала да вёскі. |
| |
СВЯДОМАСЦЬ ПАДВЯЛА
Здаўна вядома, што Бог няроўна дзеліць. Аднаму шчодрай жменяй сыпле і сыпле. Той нават і не ведае, як адгрэбсціся. Другому – скупым шчэпцікам падае, а то і дулю пад нос саўгане.
Антон Вялінскі качаўся па жыцці, як сыр у масле. Няйначай, як Усявышняму ў бараду ўчапіўся. Усё ў яго ішло складна і ладна. На радасць сабе. I на зайздрасць сваякам, далёкім і блізкім, суседзям.
Праўда, здараліся і ў яго жыцці розныя неспадзяванкі. Не такія ўжо значныя, каб слёзы ліць. Вось і сёння. Нёс дамоў зарплату, абступіўся ў цямрэчы, зачапіўся за нешта і ў...лужыну гэпнуўся. 3 галавой. Грошы забрудзіў і сам да апошняй нітачкі вымак.
Але ж Антон Вялінскі - не кыш-варона. Галаву на плячах мае. Спаласнуў пад кранам купюры і на вяровачку іх - у ванны пакой. Прышчэпкамі замацаваў, як баба памытую бялізну. Хай сабе сохнуць-падсыхаюць.
Толькі памыў грошы, званок у вітальні заспяваў. У кватэру, значыць, нехта просіцца. Сусед Васіль прыцёгся.
А ён акурат з тых, каму Гасподзь на адзін свой скупы шчэпцік дзясятак шчодрых дуль кладзе. Паўнейшы няўдаліца.
- Дай, - просіць Васіль суседа, - апарат. Выручы, брага перакісае.
Антон незадаволена скрывіў вусны. "Галадранец, - падумаў Вялінскі.
- Нічога свайго не мае. Хутка лыжку, каб пад'есці, пазычаць будзе. Але ж сусед! А ён - самы блізкі, атрымліваецца, чалавек. Нічога не паробіш, трэба дзяліцца".
- У ваннай, - грэбліва паморшчыўся Антон. - Бяры!
Васіль выкульнуўся з ванны, бы ашпараны. Спыніўся перад Вялінскім, вачыма лыпае. Рот адкрывае і закрывае, а слоўка вымавіць не можа.
- Ад якой трасцы калоцішся? Нарэшце Васіля, як бы прарвала:
На вяроўцы... Столькі... Грошай... Чаго?...
- А-а! - здагадаўся Антон. - Гэта самае... Толькі вось аддрукаваў купюры. Цяпер - прасушваю. Такая, суседзе, у мяне тэхналогія. Пяцьдзясят "лімонаў" пакуль выпусціў. Жыць трэба ўмеючы. А не так, як... Некаторыя. Не буду пальцам указваць.
Пабачанае ўзрушыла Васіля да самых патаемных глыбіняў яго душы.
- Гадзіна, - настройваючы апарат, лаяўся на Вялінскага сусед. - Вось адкуль у яго багацце! Тут, за трыста тысяч, як раб егіпецкі, укалваеш. А ён за вечар столькі мільёнаў грабастае. Каб ты задавіўся на той вяроўцы, бандзюга! Няхай бы і мне хоць паўмеха даў. Дармавыя ж! Усё сабе і сабе. Мала яму!
3 латуннай трубкі паказалася першая слязіна. Васіль крышачку павесялеў, паставіў на стол свой "джэнтльмэнскі" набор - запэцканую гранёную шклянку, якая ажно прыліпала да пальцаў, акраец чорствага хлеба і прарослую цыбуліну. Але і за гэтым прыемным клопатам з яго галавы ўсё яшчэ не выходзіў Вялінскі. У Васілёвым сэрцы закіпаў праведны гнеў.
- Мая жонка новыя боты пяты год купіць не можа, - бубніць Васіль. - А яго дзесяць пар іх за адну зіму мяняе. Канечне, як вечар - так пяцьдзясят "лімонаў". Божа праведны, што гэта робіцца?!
Васіль "перазарадзіў" апарат, лінуў з трохлітровага слоіка ў шклянку. Выпіў. Гарэлка прыемна апякла грудзі, гарачынёй разлілася па жываце, хуценька даімчалася да самых пятак. Захрумсцеў на зубах сухар, рыпнула цыбуліна.
- Бач ты яго! - зноў Васіль узгадаў на суседа. - Толькі ён адзін - разумны! "Жыць трэба ўмеючы".
Зайздрасць імпульсіўна перарасла ў чорную злосць і тая запатрабавала помсты.
- Я цябе, прайдзісвет, навучу, як трэба жыць. - ВасІль падскочыў да
тэлефоннага апарата. – Гэта ж Вялінскі абкрадае мяне, суседа свайго, людзей... Дзяржаву абкрадае!
- Ал-лё? Міліцыя? - голас Васіля адразу ж зрабіўся строгім, як у дыктара. - Прыміце інфармацыю. Не трэба прозвішча... Разумееце? Ананімную. Мае сумленне не можа маўчаць. Тут такая справа. Антон Вялінскі з вуліцы Бэзавай, дом нумар сем, кватэра чатыры вырабіў апарат і на ім друкуе грошы. Не! Нашы... Беларускія. А, можа, даляры таксама. Ен, прахадзімец, мужык галавасты. Сёння пяцьдзясят мільёнаў аддрукаваў. Сам бачыў. Так што разбірайцеся!
Васіль кінуў трубку і з пачуццём поўнасцю выкананага грамадзянскага абавязку накіраваўся на кухню. За праяўленыя патрыятызм, высокую свядомасць і прынцыповасць ён рашыў узнагародзіць сябе яшчэ адной шклянкай самагонкі.
...Вялінскі паклаўся спаць. Разбудзіў яго занадта доўгі, патрабавальны званок. Зноўку нехта папрасіўся ў кватэру. Антон падумаў, што
гэта Васіль, хлыбаснуўшы першаку, прыцёгся, як і заўсёды тое рабіў,
падзякаваць за апарат ці папрасіць якую закуску.
Адкрыў дзверы і на нейкі момант знерухомеў. Як спаралізавала Антона. На парозе стаяў нарад міліцыі. Смачна аблізвалася, з цікаўнасцю разглядаючы Вялінскага, службовая аўчарка.
Грамадзянін Вялінскі Антон? - строга запытаўся капітан..
Мабыць, вы не памыліліся, - адказаў Антон.
Капітан падаў знак, і міліцыянеры з сабакам кінуліся ў ванны пакой. Паклікалі Вялінскага.
- Дзе апарат? - запытаўся капітан, паказваючы на грошы. - I панятых трэба запрасіць.
- Панятыя не спатрэбяцца, - сказаў Вялінскі.
Антон патлумачыў гісторыю з грашыма. Яму паверылі. "А стукача варта правучыць, - рашыў для сябе Вялінскі. – Хоць і апарат мой, канечне, лясне! Затое сусед, можа, і паразумнее".
Калі міліцэйскі нарад сабраўся пакінуць кватэру, Антон Вялінскі затрымаў капітана:
Чакайце, вы пра апарат, здаецца, пыталіся? Ёсць апарат! Самагонны, праўда. У майго суседа з кватэры нумар пяць. Ён і сёння цісне гарэлачку. Пэўна, ужо заканчвае.
- Дзякуй за супрацоўніцтва, - сказаў капітан і казырнуў Антону, а сам ужо ціснуў на гузік званка. Прасіўся ў Васілёву кватэру.
Праз некалькі хвілін капітан, задаволена пасміхаючыся ў пышныя вусы,складаў на Васіля акт, а міліцыянеры займаліся канфіскацыяй самагонкі і апарата. |