У 1941 годзе ў Бялынічах быў створаны канцлагер, у якім у вельмі цяжкіх умовах утрымліваліся каля 300 ваеннапалонных. Непадалёку Ермалавіч, каля аэрадрома знаходзіўся часовы лагер ваеннапалонных.
3 мэтай масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва ў снежні 1941 года ў Бялынічах быў створаны часовы лагер для яўрэяў.
Палітыку генацыду гітлераўцы пачалі праводзіць з першых дзён акупацыі раёна. У канцы ліпеня 1941 года акупанты ўварваліся ў вёску Пільшычы. Тут на вачах насельніцтва яны расстралялі камуніста Фёдара Мельнікава – даваеннага старшыню мясцовага калгаса, членаў праўлення калгаса, членаў іх сямей, камсамольцаў, дырэктара сельскай школы.
У верасні 1941 года нямецкія ўлады аб'явілі па Бялыніцкім сельсавеце збор усяго мужчынскага насельніцтва пад відам абрання імі старасты. Сабралася больш за 150 чалавек. Людзям аб'явілі, што іх накіроўваюць на пабудову моста, адвялі ў лес за Бялынічы і расстралялі.
Расстрэлы яўрэйскага насельніцтва адбыліся ў Галоўчыне і Эсьмонах. Астатніх: старых, жанчын, дзяцей, а таксама яўрэяў з усяго раёна ў колькасці больш за 600 чалавек сабралі ў лагер пад відам перасялення ў Эсьмоны.
12 снежня 1941 года людзей вывелі з Бялыніцкага лагера ў лес за тры кіламетры ад Бялыніч, распранулі да ніжняй бялізны, затым ім загадалі зайсці ў загадзя падрыхтаваныя ямы і легчы тварам уніз, пасля чаго расстралялі. Акрамя гэтага, у Бялынічы было вывезена 224 яўрэі з Заходняй Беларусі, якіх таксама расстралялі.
16 верасня 1941 года начальнік штаба вярхоўнага галоўнака-мандавання вермахта Кейтэль падпісаў загад аб увядзенні сістэмы заложнікаў. У якасці заложнікаў немцы расстрэльвалі сем'і партызан – жанчын, дзяцей, старых. Крывавую расправу гітлераўцы ўчынілі над сем'ямі падпольшчыкаў і партызан 600-га партызанскага атрада ў вёсцы Вялікі Трылесін.
На досвітку 2 верасня 1942 года вялікі атрад немцаў і бялыніцкай паліцыі акружыў вёску. Усё насельніцтва гітлераўцы сагналі ў адзін канец. Пад канвоем сюды прывялі 22 чалавекі з 7 партызанскіх сем'яў, у асноўным дзяцей, жанчын, старых. Яны былі расстраляны на вачах аднавяскоўцаў.
У самым пачатку вайны на тэрыторыі раёна немцы знішчылі тры вёскі – Заазер'е, Кляву, Пупсу. Тут забілі 74 чалавекі, спалілі 204 хаты.
Гітлераўцы абкладалі насельніцтва рознымі падаткамі і па-борамі. За несвоечасовую здачу сельскагаспадарчых прадуктаў, жывёлы, птушкі, вінаватых жорстка каралі. Тым не менш у сярэдзіне 1942 г. запазычанасць па падатках мелі 67 вёсак з 18 валасцей раёна.
Правал гітлераўскага плана «бліцкрыгу», вымушаны пераход да вядзення зацяжной вайны патрабаваў ад нацысцкага кіраўніцтва ўнясення пэўных карэктываў у планы выкарыстання патэнцыялу захопленых тэрыторый. Актывізацыя дзейнасці партызан прымушала гітлераўцаў узмацняць ахову камунікацый і ваенных аб'ектаў. 3 гэтай нагоды ў непасрэднай блізкасці ад партызанскіх баз ствараюцца нямецкія гарнізоны ў вёсках Забавы, Бахань, Заполле, Макаўка, Сямікаўка, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок. Узмацняліся паліцэйскія ўчасткі. У Бялыніцкім раёне, як у цэлым па Беларусі, акупанты пачалі ствараць адзінкі Беларускай самааховы (БСА). Створаныя невялікія фарміраванні самааховы падвяргаліся моцнай ідэалагічнай апрацоўцы і ваеннаму ўздзеянню з боку партызан. Восенню 1942 года яны былі ліквідаваны партызанамі. Гітлераўцы пачалі ствараць батальёны Рускай вызваленчай арміі (РВА) для барацьбы з партызанамі і аховы важных камунікацый. Такі батальён размясціўся ў Бялынічах і каля чыгуначнай станцыі Друць. Для аховы шашы Мінск – Магілёў былі перакінуты падраздзяленні французскага антыкамуністычнага легіёна. Французскія гарнізоны размясціліся ў вёсках Нежкаў і Восліўка.
Да 1944 года ваенна-паліцэйскія сілы ў раёне складалі каля тысячы чалавек, без уліку нямецкіх часцей, якія перакідваліся з фронту для барацьбы з партызанамі. |